Да 100-годдзя з дня нараджэння Пімена Панчанкі

Нарадзіўся Пімен Емяльянавіч Панчанка 23 жніўня 1917 года ў Рэвелі, цяпер Талін, сталіца Эстоніі, якая на той час уваходзіла ў склад Расійскай імперыі, як і Беларусь. Бацькі ад беднасці ў пошуках заробку выехалі ў Прыбалтыку.

Ваенныя цяжкасці і адсутнасць у хаце гаспадара, які быў у войску, прымусілі маці Дар’ю Факееўну з двума дзецьмі на руках у 1920 годзе падацца да сваёй маці. Там, у Бягомлі, прайшлі дзіцячыя і раннія юнацкія гады паэта.

У 1933 годзе сям’я Панчанкаў пераехала ў Бабруйск, і Пімен пачаў працаваць на мясцовым дрэваапрацоўчым камбінаце рабочым, а затым паступіў на настаўніцкія курсы. Пасля іх заканчэння працаваў у пачатковай, сямігадовай, сярэдняй школах у Бабруйскім і Кіраўскім раёнах (1934–1939). Адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Мінскага настаўніцкага інстытута, які скончыў у 1939 годзе.

Пісаць Пімен Панчанка пачаў яшчэ ў юнацтве. Упершыню апублікаваў свае вершы («Ураджайнае» і «Моладзі») у 1934 годзе ў альманаху «Ударнікі». Як паэт ён пачаўся з лірыкі – першых зборнікаў «Упэўненасць» (1938) і «Вераснёвыя сцягі» (1940). У іх знайшоў адлюстраванне рамантычна-ўзнёслы настрой мастака. Паэт услаўляе хараство і багацце роднай зямлі, заваёвы сацыялізма. Паэтычную сталасць П. Панчанку прынеслі вершы, напісаныя ім у час вайны, калі быў спецыяльным карэспандэнтам, пісьменнікам у армейскіх і франтавых газетах. На франтавых дарогах ён бачыў кроў, смерць, балюча перажываў трагедыю беларускага народа. Яго ваенныя радкі прасякнуты верай у перамогу над ворагам, суперажываннем, спагадай да чужога гора. Пазней працаваў на франтавой газеце «За свабодную Беларусь» і ў сатырычным часопісе «Партызанская дубінка», затым – у газеце «Героический штурм». Адным з лепшых твораў таго часу не толькі беларускай, але і ўсёй савецкай паэзіі стаў верш П. Панчанкі «Сінія касачы». Ваенныя ўражанні паэта склалі зборнікі «Дарога вайны» (1943), «Далёкія станцыі» (1945), «Гарачыя вятры» (1947). Ваенная тэма не пакідала паэта на працягу ўсяго яго творчага лёсу.

У 1946 годзе паэт вяртаецца ў Мінск і пачынае працаваць у часопісе «Вожык», пазней – у газеце «Літаратура і мастацтва».

У пасляваеннай паэзіі П. Панчанкі часцей гучаць грамадзянскія матывы: барацьба за мір, услаўленне сацыялістычнага ладу, палёты ў космас, інтэрнацыянальныя сувязі.

З 1966 года паэт пачынае працаваць сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Прыкметнай з’явай у літаратурным жыцці Беларусі стала і кніга вершаў Панчанкі «Пры святле маланак» (1966) (Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы, 1968). З 1972 года цалкам аддаецца творчай дзейнасці, спалучаючы яе з абавязкамі дэпутата Вярхоўнага Савета БССР. У 1973 годзе Пімену Панчанку было нададзена ганаровае званне народнага паэта Беларусі.

У сваіх творах Пімен Панчанка – шчыры патрыёт Беларусі, нястомны змагар за захаванне прыроды, за культываванне ў грамадстве высокіх маральных ідэалаў, выкрывальнік партыйнай і ўрадавай бюракратыі. У яго вершах спалучаецца лірызм з публіцыстычным напалам. Пімен Панчанка становіцца адным з папулярных паэтаў СССР і свету. Паэт і сам актыўна займаецца перакладам. У 1981 годзе за зборнік «Дзе начуе жаваранак?» Пімену Панчанку была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.

Другая палова 1980-х – пачатак 1990-х гадоў былі ў жыцці паэта ці не самымі цяжкімі. Настаў час падводзіць вынікі, і Пімен Панчанка пачынае бескампрамісны суд над самім сабою. Цяжка знайсці ва ўсім былым СССР і БССР другога такога паэта, хто быў бы здольны ўзяць усю віну на сябе за тое бязладдзе ў Беларусі канца 1980-х гадоў, хто б так шчыра каяўся, хоць асабіста ні ў чым не быў вінаваты. У творчасці паэта ўзмацніліся публіцыстычнасць, палемічная вастрыня, сатырычны пафас. Вершы грамадзянскага гучання склалі зборнікі «І вера, і вернасць, і вечнасць» (1986), «Прылучэнне» (1987), «Горкі жолуд» (1988), «Неспакой» (1988), «Высокі бераг» (1993). Вялікі грамадзянскі рэзананс выклікала ў свой час «Паэма сораму і гневу». Пасля смерці паэта (2 красавіка 1995 года) з друку выйшлі яго кнігі «Зямля ў мяне адна» (1996) і «Жытнёвы звон» (2002), у якіх сабраны творы розных гадоў. П. Панчанку належаць шматлікія публіцыстычныя артыкулы і эсэ, успаміны пра вядомых беларускіх пісьменнікаў і падзеі літаратурнага жыцця.

Паэт і публіцыст, крытык і перакладчык П. Панчанка шмат зрабіў для беларускай літаратуры, але асноўнае ў яго творчай спадчыне – вершы, якія былі выразнікамі дум і спадзяванняў эпохі, вершы, у якіх ніколі не было фальшы, але заўсёды адлюстроўвалася багатая гама чалавечых пачуццяў.


НІА
скачать dle 10.5фильмы бесплатно

Информация

Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 10 дней со дня публикации.